ЯРАСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Іаан; паміж 1079 і 1091—1123),

князь Уладзіміра-Валынскі. Сын вял. кіеўскага кн. Святаполка Ізяславіча. Паводле рашэння Увеціцкага з’езда князёў у 1100 атрымаў Уладзімір-Валынскі, у 1112 — Дарагабуж. У 1102 удзельнічаў у паходзе на свайго стрыечнага брата Яраслава Яраполчыча, які намагаўся замацавацца ў Бярэсці, захапіў яго на р. Нур і даставіў у Кіеў. У 1112 ажыццявіў паспяховы паход на яцвягаў. У 1117 адмовіўся падпарадкоўвацца вял. кіеўскаму кн. Уладзіміру Манамаху.

Пасля 60-дзённай аблогі Уладзіміра-Валынскага войскам Манамаха Я.С. быў вымушаны прызнаць вяршэнства Манамаха. У 1118 з-за ўнутр. канфлікту ўцёк са свайго княства ў Венгрыю. У 1123 з польскімі і венг. войскамі Я.С. падышоў да Уладзіміра-Валынскага і ў час аблогі горада быў забіты. Сыны Я.С. — Вячаслаў Яраславіч, князь клецкі, і Юрый Яраславіч, князь тураўскі і пінскі.

т. 18, кн. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)